النساء
The Women • 176 ayahs • Medinan
بِسْمِ ٱللَّهِ ٱلرَّحْمَٰنِ ٱلرَّحِيمِ
1 о людзі! Палохайцеся Госпада вашага, Які стварыў вас з адное душы і стварыў з яе іншую да пары; а з іх яшчэ і іншых мужчын і жанчын і рассяліў іх. Таму палохайцеся Аллага, імем Якога вы звяртаецеся адно да аднаго, і прытрымлівайцеся сваяцкіх сувязяў. Сапраўды, Аллаг прыглядае за вамі.
2 Аддавайце сірацінам іхную маёмасць і не мяняйце благога на добрае. І не пажырайце іхную маёмасць разам са сваёй. Сапраўды, гэта – вялікі грэх.
3 Калі ж вы палохаецеся, што не будзеце належным чынам ставіцца да сірацінаў, дык пабярыцеся з тымі жанчынамі, якія вам падабаюцца: з дзвюма, з трыма, з чатырма. Але калі вы палохаецеся, што не будзеце слушныя з імі, дык няхай гэта будзе толькі адна ці ж прыгонная, захопленая вамі. Гэта бліжэй, каб вам не адхіліцца.
4 І шчыра аддавайце жонкам выкуп як падарунак для іх. Але калі яны па сваёй волі нешта паварочаюць вам адтуль, дык ужывайце гэта для здароўя і карысці.
5 І не аддавайце лёгкадумным сваёй маёмасці, якую Аллаг зрабіў для вас сродкам для пражытка. Надзяляйце ды апранайце іх адтуль, а таксама кажыце ім добрыя словы.
6 Выпрабоўвайце сірацінаў, пакуль яны не дасягнуць шлюбнага ўзросту. І калі ўбачыце вы ў іх сталы розум, дык паварочайце ім іхную маёмасць. Не жарыце яе, займаючыся марнатраўствам і спяшаючыся, [палохаючыся] таго часу, калі яны пасталеюць. заможны няхай устрымаецца, а незаможны няхай спажывае паводле звычаю. І калі вы паварочаеце ім іхную маёмасць, дык паклічце сведак для гэтага. дастаткова таго, як лічыць Аллаг.
7 Мужчыне належыць доля ад таго, што пакінулі бацькі і бліжэйшыя сваякі; і жанчыне належыць доля ад таго, што пакінулі бацькі і бліжэйшыя сваякі – як ад дробнага, так і буйнога. Такая ўсталяваная доля.
8 Калі падчас падзелу прысутнічаюць сваякі, сіраціны і бедакі, дык надзяліце іх чымсьці са спадчыны, а таксама кажыце ім добрыя словы.
9 І няхай маюць сполах перад Аллагам тыя, якія, пакінуўшы пасля сябе кволых спадчыннікаў, палохаліся б за іх. Няхай жа яны палохаюцца Аллага і кажуць разважнае слова.
10Сапраўды, тыя, якія няслушна жаруць маёмасць сірацінаў, толькі жаруць сваімі чэравамі агонь. Укінуць іх у полымя.
11Аллаг наказвае вам адносна вашых дзяцей – сыну належыць доля дзвюх дачок. Калі ж усе дзеці колькасцю больш за два з’яўляюцца жанчынамі, дык ім належыць дзве траціны спадчыны. А калі засталася толькі адна дачка, дык ёй належыць палова. А кожнаму з бацькоў скананага належыць шостая частка таго, што ён пакінуў – калі ў яго засталося дзіця. А калі ён не пакінуў дзіцяці і ягонымі спадчыннікамі з’яўляюцца бацькі, дык ягонай маці належыць траціна спадчыны. А калі ён мае братоў, дык маці належыць адна шостая пасля падзелу таго, што было зазначана ў адпісе, альбо пасля сплаты пазыкі. Вы не ведаеце, хто прыносіць вам больш карысці – вашыя бацькі альбо вашыя сыны, таму Аллаг усталяваў Свой наказ. Сапраўды, Аллаг – Усеведаючы, Мудры.
12Вам належыць палова таго, што пакінулі жонкі вашыя – калі ў іх няма дзіцяці. А калі яны маюць дзіця, дык вам належыць чвэрць таго, што яны пакінулі пасля падзелу таго, што было зазначана ў адпісе, альбо пасля сплаты пазыкі. Жонкам ж належыць чвэрць таго, што вы пакінулі, калі ў вас няма дзіцяці. Калі вы маеце дзіця, дык ім належыць восьмая частка таго, што пакінулі вы пасля падзелу таго, што было зазначана ў адпісе, альбо пасля сплаты пазыкі. Калі ж мужчына ці жанчына не маюць простых спадчыннікаў, але маюць брата ці сястру, дык кожнаму з іх належыць адна шостая. Калі ж братоў і сясцёр будзе больш за двое, дык яны маюць агульныя правы на сваю траціну – пасля падзелу таго, што было зазначана ў адпісе, альбо пасля сплаты пазыкі – калі не нанясе гэта шкоды. Менавіта гэта наказвае Аллаг, Аллаг – Усеведаючы, Спагадлівы.
13Гэта абмежаванні Аллага. Тых, хто падпарадкоўваецца Аллагу і Ягонаму пасланцу, Ён увядзе ў сады, дзе цурчаць рэкі. Яны будуць там павек. Гэта і ёсць вялікі поспех.
14А таго, хто непадпарадкуецца Аллагу і Ягонаму пасланцу і будзе парушаць Ягоныя абмежаванні, Ён увядзе ў агонь, і той будзе там павек. Чакае на яго ганебнае пакаранне.
15А супраць тых з вашых жонак, якія здзяйсняюць пералюб, клічце ў сведкі чатырох з вашага асяродзьдзя. Калі яны засведчаць гэта, дык трымайце іх у хатах, пакуль не прыйдзе да іх скананне альбо Аллаг падрыхтуе для іх іншы шлях.
16А да тых двух, пасярод вас, якія зробяць гэта, ужывайце цялеснае пакаранне. А калі яны павіняцца і выправяцца, дык пакіньце іх. Сапраўды, Аллаг – Прымаючы каянне, Міласэрны.
17Сапраўды, Аллаг прымае каянне тых, якія рабілі ліха праз сваё невуцтва. І калі яны хутка пасля гэтага павіняцца, дык Аллаг прыме іхнае каянне. Аллаг – Усеведаючы, Мудры.
18Але не прымуць каянне тых, якія робяць злыя ўчынкі, а калі прыступае да іх скананне, яны кажуць: «Цяпер я каюся». І няма каяння тым, якія сканаюць нявернікамі. для такіх Мы падрыхтавалі пакутлівае пакаранне.
19о вы, якія паверылі! Вам не дазволена быць спадчыннікамі жонак супраць іхнае волі. Не забараняйце ім забіраць частку таго, што вы ім далі, хіба як яны зробяць відавочны пералюб. Учыняйце з жонкамі годна. І нават калі яны непрыемныя вам, дык, магчыма, непрыемна для вас тое, куды Аллаг уклаў шмат дабра.
20І калі вы жадаеце падмяніць адну з жонак іншаю, тагды як перад гэтым вы далі адной з іх нават цэлы кінтар (вялікую колькасць), дык не забірайце нічога з гэтага. Няўжо вы забераце нешта няслушна і здзейсніце відавочны грэх?
21Як жа вы забераце гэта, калі раней паміж вамі былі блізкія адносіны, і яны ўзялі з вас суворы запавет?
22Не бярыце шлюб з тымі жанчынамі, з якімі бралі шлюб вашыя бацькі – хіба як гэта ўжо здарылася раней. Сапраўды, гэта – брыдота, нянавісны і дрэнны шлях.
23Вам забароненыя вашыя маці, дочкі, вашыя сёстры, вашыя цёткі з боку бацькі і з боку маці; а таксама дочкі братоў і дочкі сясцёр, тыя з вашых маці, якія гадавалі вас; а таксама вашыя малочныя сёстры, маці вашых жонак; а таксама пасербкі, якіх выхоўваеце вы і да маці якіх вы ўваходзілі. Але калі вы не ўваходзілі да іх, дык не будзе вам граху. забароненыя вам і жонкі тых вашых сыноў, якія выйшлі з вашае плоці; а таксама забаронена браць шлюб з дзвюма сёстрамі, хіба як гэта ўжо здарылася раней. Сапраўды, Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.
24забароненыя вам таксама кабеты, апроч тых, якімі авалодалі вашыя правіцы. Гэта наказ Аллага для вас. Апроч гэтага, вам дазволе- на шукаць іншых жанчын для шлюбу, калі вы імкняцеся да іх, выкарыстоўваючы сваю маёмасць і будучы цнатлівымі, а не распуснікамі. А за тое задавальненне, якое вы атрымліваеце ад іх, давайце ім належнае ўзнагароджанне. І не будзе вам граху за тое, пра што вы пагадзіцеся паміж сабою пасля вызначэння неабходнага выкупу. Сапраўды, Аллаг – Усеведаючы, Мудры.
25А хто з вас не мае належнага дастатку, каб браць шлюб з цнатлівымі верніцамі, дык няхай возьме шлюб з верніцамі, пасярод тых, якімі авалодалі вашыя правіцы. Аллаг лепей ведае вашую веру, і ўсе вы – адно ад аднаго. Таму бярыце шлюб з імі з дазволу іхных сем’яў і давайце ім іхнае ўзнагароджанне па звычаі, каб яны былі цнатлівымі, а не распуснымі альбо тымі, якія маюць таемных сяброў. Калі ж пасля шлюбу яны зробяць распусту, дык пакаранне для іх – палова пакарання для вольных жанчын. Шлюб з прыгоннымі дазволены тым з вас, хто палохаецца пералюбу. І калі вы будзеце трываць, дык гэта будзе лепш для вас. Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.
26Аллаг імкнецца патлумачыць вам, накіраваць вас да законаў тых людзей, якія жылі перад вамі і прыняць вашае каянне. Аллаг – Усеведаючы, Мудры.
27Аллаг імкнецца прыняць вашае каянне. А тыя, якія ідуць за сваімі запаламі, імкнуцца адхіліць вас вялікім адхіленнем.
28Аллаг жадае палягчэння для вас, бо чалавек створаны кволым.
29о вы, якія паверылі! Не жарыце маёмасці адно аднаго шляхам хлусні, а займайцеся гандлем, якім вы будзеце ўзаемна задаволеныя. І не забівайце адно аднаго! Сапраўды, Аллаг Міласэрны да вас.
30І хто зробіць гэта па сваёй непрыхільнасці і няслушнасці, таго Мы ўкінем у агонь. Гэта для Аллага – латва.
31І калі вы будзеце пазбягаць цяжкіх грахоў, якія вам забароненыя, дык Мы даруем вам вашыя злыя ўчынкі і ўвядзём вас праз уваход пашаны.
32Не жадайце таго, з дапамогаю чаго Аллаг аддаў перавагу адным з вас перад іншымі. Мужчыну – доля з таго, што ён атрымаў, а жанчыне – доля з таго, што яна атрымала. Таму прасіце ў Аллага Ягонае шчодрасці; сапраўды, Ён ведае пра кожную рэч.
33Кожнаму чалавеку Мы далі блізкіх, якія атрымаюць у спадчыну тое, што пакінулі бацькі і бліжэйшыя сваякі. А тым, з кім вы звязаныя кляцьбамі, аддавайце вашую долю. Сапраўды, Аллаг – кожнай рэчы Сведка.
34Мужчыны клапоцяцца пра жанчын, бо Аллаг аддаў перавагу адным перад іншымі, а таксама таму, што мужчыны марнуюць сваю маёмасць. Праведныя жанчыны пакорлівыя, яны пільнуюць падчас адсутнасці мужчын тое, што Аллаг загадаў пільнаваць. А тых жанчын, непакорлівасці якіх вы палохаецеся, наўчайце, пазбягайце на шлюбным ложку і ў рэшце рэшт злёгку біце. Калі ж яны паслухаюцца вас, дык не шукайце шляхі супраць іх. Сапраўды, Аллаг – Усявышні, Вялікі.
35Калі вы пільнуецеся разжэнства паміж мужам і жонкаю, дык прызначце суддзю з ягонага боку і суддзю з ейнага боку. Калі тыя будуць жадаць міру, дык Аллаг прымірыць мужа і жонку. Сапраўды, Аллаг – Усеведаючы, дасведчаны.
36Пакланяйцеся Аллагу і не дадавайце Яму сутаварыша. Як мага лепш стаўцеся да бацькоў, сваякоў, сірацінаў і бедакоў; а таксама да суседзяў, якія з’яўляюцца вашымі сваякамі, і да тых, якія не з’яўляюцца вашымі сваякамі; да пабраціма, да падарожніка, а таксама да рабоў вашых. Сапраўды, Аллаг не любіць дзёрзкіх і фанабэрыстых,
37якія самі хцівыя і заклікаюць людзей да прагнасці, хаваюць тое, што Аллаг дараваў ім па Сваёй літасці. І мы падрыхтавалі для нявернікаў зневажальнае пакаранне.
38Яны ахвяруюць сваю маёмасць дзеля крывадушнасці перад людзьмі і не вераць ні ў Аллага, ні ў апошні дзень. Калі шатан з’яўляецца камусьці сябрам, дык дрэнны ж з яго сябар.
39Як можа нашкодзіць ім тое, што яны павераць у Аллага і ў апошні дзень, і будуць марнаваць тое, чым надзяліў іх Аллаг? Аллаг ведае пра іх.
40Сапраўды, Аллаг нікога не пакрыўдзіць нават на вагу парушынкі. А калі ўчынак будзе добрым, дык ён падвоіць яго і даруе ад сябе вялікую ўзнагароду!
41А што будзе, калі мы прывядзем сведку з кожнае суполкі, а цябе зробім сведкам над імі?
42У той дзень пажадаюць тыя, якія не паверылі і здзяйснялі непадпарадкаванне пасланцу, каб паглынула іх зямля. Яны не схаваюць ад Аллага ніводнае гутаркі.
43о вы, якія паверылі! Не набліжайцеся да малітвы, калі вы п’яныя, пакуль вы не пачняце ўсведамляць тое, што кажаце, а таксама ў брудным стане, пакуль не здзейсніце абмыванне – калі толькі вы не знаходзіцеся ў дарозе. Калі ж вы хворыя, альбо падарожнічаеце, ці хто-небудзь з вас вярнуўся з прыбіральні альбо дакранаўся да жанчыны, і пас-ля гэтага вы не знайшлі вады, дык здзейсніце абмыванне чыстаю, сухою зямлёю – абатрыце ёю свой твар і рукі. Сапраўды, Аллаг – Спагадлівы, Прабачаючы.
44Ці ты бачыў тых, каму дадзена частка Пісання, а яны абіраюць хлусню і жадаюць, каб і вы сышлі са шляху?
45Аллаг лепей ведае вашых ворагаў. дастаткова Аллага як абаронцы. дастаткова Аллага як памагатага.
46Сярод юдэяў ёсць тыя, хто мяняе месцамі словы і кажа: «Слухаем і не падпарадкоўваемся, выслухай нячутае і барані нас» – скрыўляючы мовы свае і здзекуючыся над вераю. Але калі б яны казалі: «Слухаем і падпарадкоўваемся!», «Слухай!» і «Паглядзі на нас!» – дык гэта было б лепей і правільней для іх. Няхай жа пракляне іх Аллаг за іхную няверу! Мала вернікаў сярод іх.
47о Вы, якім дадзена Пісанне! Паверце ў тое, што мы паслалі як сцверджанне таго, што ёсць у вас, пакуль Мы не сцерлі вашыя твары і не скруцілі іх вам ці не праклялі вас, як праклялі парушальнікаў суботы. Споўніўся ж загад Аллага.
48Аллаг не даруе, калі яму прыдаюць сутаварышаў, але даруе ўсё астатняе, апроч гэтага, таму, каму пажадае. І хто прыпісвае Аллагу сутаварышаў, той здзяйсняе вялікі грэх.
49Няўжо ты не бачыў тых, якія лічаць сябе прачыстымі? дык не, гэта Аллаг ачышчае тых, каго пажадае, і з такімі не зробяць няслушна нават на плеўку з костачкі фініка.
50Паглядзі, як яны ўзводзяць паклёп на Аллага. дастаткова гэтага – як відавочнага граху.
51Няўжо ты не бачыў тых, каму дадзеная частка Пісання? Яны вераць у джыбта, тагута і кажуць пра нявернікаў: «Гэтыя ідуць больш правільным шляхам, ніж вернікі».
52Яны – тыя, каго Аллаг пракляў! А каго Аллаг пракляў, таму ніколі не знойдзецца памагатых.
53Няўжо яны маюць частку ўлады? ды калі б так і было, яны не далі б людзям і ямкі на костачцы фініка.
54Няўжо яны зайздросцяць людзям за тое, што Аллаг дараваў ім па Сваёй літасці? А раней Мы даравалі роду Ібрагіма Пісанне і мудрасць ды даравалі ім вялікую ўладу.
55Сярод іх ёсць тыя, якія паверылі ў [Мухамада], а ёсць і такія, якія адхінаюцца ад яго. дастаткова ж падпаленага пекла для іх.
56Сапраўды, тых, якія не вераць у нашыя знакі, Мы ўкінем у агонь. Калі іхная скура згарыць, Мы будзем падмяняць яе на новую скуру – для таго, каб яны адчулі гэтае пакаранне. Сапраўды, Аллаг – Велічны, Мудры.
57А тых, якія паверылі і здзяйснялі добрыя справы, Мы ўвядзём у сады, дзе цурчаць рэкі. Яны будуць там павек і будуць мець там прачыстых жонак. І мы ўвядзём іх у густы цень.
58Сапраўды, Аллаг загадвае вам вяртаць давераную маёмасць ягоным уладальнікам. І калі вы судзіце паміж людзьмі, дыксудзіце слушна. Сапраўды, якімжа выдатным з’яўляецца тое, чым Аллаг павучае вас. Сапраўды, Аллаг – Усечуючы, Усебачачы.
59о вы, якія паверылі! Падпарадкоўвайцеся Аллагу, падпарадкоўвайцеся Пасланцу, а таксама надзеленым уладаю сярод вас. І калі вы пачняце спрачацца пра нешта, дык звярніцеся з гэтым да Аллага і Ягонага Пасланца, калі вы верыце ў Аллага і ў Апошні дзень. Гэта – найлепшае і найвыдатнейшае па выніку.
60Няўжо ты не бачыў тых, якія лічылі, што яны паверылі ў тое, што паслана табе, а таксама ў тое, што паслана перад табою? Яны імкнуцца звярнуцца за судом да тагуту, хоць ім было загадана не верыць у яго. Шатан імкнецца, каб вы заблукалі ў глыбокай аблудзе.
61І калі кажуць ім: «Прыйдзіце да таго, што паслаў Аллаг, і да Пасланца», – ты бачыш, што крывадушнікі ўпарта адхінаюцца ад цябе.
62А што будзе, калі паразіць іх бяда за тое, што яны падрыхтавалі сваімі рукамі? А потым яны прыйдуць да цябе, клянучыся Аллагам: «Мы жадалі толькі дабра і згоды».
63Аллаг ведае тое, што ў іхных сэрцах. Так што адхініся ад іх, але павучай іх і кажы ім у самоце слова пераканаўчае.
64Мы пасылалі пасланцоў для таго, каб ім падпарадкоўваліся з дазволу Аллага. Калі б яны, здзейсніўшы прыгнёт да саміх сябе, прыйшлі да цябе і папрасілі прабачэння ў Аллага, а Пасланец прасіў бы прабачэння для іх, дык вы знайшлі б Аллага Прыймаючым каянне, Міласэрным.
65Але не. Клянуся Госпадам тваім, не павераць яны, пакуль не возьмуць цябе суддзёй у тым, што выклікае спрэчку паміж імі. Тагды ў душах іхных не знойдзецца абмежавання таго, што ты загадаў, і яны цалкам падпарадкуюцца яму.
66Калі б мы загадалі ім: «забіце няправедных сярод вас!» альбо «Пакіньце хаты вашыя!» – дык гэта зрабіла б толькі меншасць з іх. Але калі б яны зрабілі тое, да чаго іх заклікаюць, дык гэта было б лепей для іх і яшчэ больш умацавала б іх.
67І тагды Мы даравалі б ім ад Сябе вялікае ўзнагароджанне,
68і павялі б іх простым шляхам.
69Тыя, якія падпарадкоўваюцца Аллагу і Пасланцу, будуць разам з тымі, каму Аллаг рабіў дабро – прарокамі, праведнікамі, пакутнікамі, збожнымі. Выдатныя гэтыя спадарожнікі.
70Гэта – шчодрасць Аллага. дастаткова Аллага як Усеведаючага.
71о вы, якія паверылі! Будзьце асцярожныя. Выходзьце аддзеламі – ці ўсе разам.
72Ёсць сярод вас такі, які затрымаецца, а калі напаткае вас ліха, дык скажа: «Аллаг рабіў дабро для мяне, і я не быў там разам з імі».
73А калі спасцігне вас шчодрасць ад Аллага, дык ён кажа: «Калі б я быў разам з імі, дасягнуў вялікага поспеху».
74Няхай жа змагаюцца на шляху Аллага тыя, якія прадалі зямное жыццё за жыццё наступнае. І хто змагаецца на шляху Аллага і загіне ці пераможа, таму даруем Мы вялікую ўзнагароду.
75І чаму б вам не змагацца на шляху Аллага дзеля кволых мужчын, жанчын і дзяцей, якія кажуць: «Госпадзе наш! Выведзі нас з гэтага горада, жыхары якога з’яўляюцца няслушнымі. даруй нам ад сябе абаронцу, даруй нам ад сябе памагатага».
76Тыя, якія паверылі, змагаюцца на шляху Аллага, а тыя, якія не паверылі, змагаюцца на шляху тагута. змагайцеся ж з прыхільнікамі шатана. Сапраўды, мудрагельствы шатана –кволыя.
77Няўжо ты не бачыў тых, каму сказалі: «Стрымлівайце свае рукі, рабіце малітву і давайце закят». І калі была ўсталяваная для іх бойка, дык частка з іх пачала палохацца людзей так, як яны палохаюцца Аллага, ці яшчэ і мацней за Яго. Яны кажуць: «Госпадзе наш! Чаму ты ўсталяваў для нас бойку? Калі б ты даў нам невялікую адтэрміноўку». Скажы: «Карыстанне гэтым светам – нядоўга. Наступнае жыццё лепш для таго, хто збожны. з вамі не зробяць няслушна, нават на плеўку з костачкі фініка».
78дзе б вы не былі, скананне ўсё адно спасцігне вас, нават калі вы будзеце на ўмацаваных вежах. Калі здарыцца з імі нешта добрае, дык яны кажуць: «Гэта – ад Аллага». А калі здарыцца з імі нешта дрэннае, дык яны кажуць: «Гэта – ад цябе». Скажы: «Усё гэта – ад Аллага». Што з гэтымі людзьмі? Яны не прымеюць зразумець таго, што ім кажуць.
79Што б не здарылася з табою добрага, гэта – ад Аллага. А што б не спасцігла цябе ліхога, гэта ад цябе самога. Мы паслалі цябе пасланцом да людзей, і досыць Аллага як сведкі.
80Хто паслухаўся Пасланца, той паслухаўся Аллага. А калі хто адхінецца, дык мы ж не пасылалі цябе ахоўнікам над імі.
81І яны кажуць: «Мы скарыліся». Але, калі яны сыходзяць ад цябе, дык частка з іх задумвае ноччу не тое, што ты ім казаў. Аллаг запісвае тое, што яны задумваюць ноччу. Адхініся ж ад іх і спадзявайся на Аллага. І дастаткова Аллага як Абаронцы.
82Няўжо яны не задумляюцца пра Каран? Калі б ён быў не ад Аллага, дык яны знайшлі б там шмат супярэчнасцяў.
83І калі прыходзіць вестка пра бяспеку альбо небяспеку, яны разносяць яе. Але, калі б яны спачатку звярнуліся з ёй да Пасланца альбо да надзеленых уладаю сярод іх, дык яна стала б вядомая тым, якія прымелі б даследваць яе глыбей. Калі б не шчодрасць Аллага да вас і не Ягоная літасць, дык усе вы пайшлі б за шатанам, апроч нешматлікіх сярод вас.
84змагайся ж на шляху Аллага, бо ты адказваеш толькі сам за сябе. І падахвочвай вернікаў. Магчыма, Аллаг стрымае моц тых, якія не паверылі. І Аллаг дужэй магутнасцю і больш суворы ў пакаранні.
85Хто будзе пасродкам у добрай справе, той будзе мець у гэтым долю. А хто будзе пасродкам у дрэннай справе, той будзе мець у гэтым долю граху. Сапраўды, Аллаг назірае за кожнай рэччу.
86І калі вас вітаюць, дык адказвайце яшчэ лепшым прывітаннем ці вяртайце яго жа. Сапраўды, Аллаг лічыць кожную рэч.
87Аллаг! Няма бога, апроч Яго! Мы абавязкова згуртуем вас у дзень Адраджэння, у якім няма сумневу. А хто ж праўдзівей Аллага словам?
88Чаму вы падзяліліся на два гурта адносна крывадушнікаў? Бо Аллаг адкінуў іх назад за тое, што рабілі яны. Няўжо вы імкнецеся накіраваць простым шляхам тых, каго збіў са шляху Аллаг? А каго збіў са шляху Аллаг, таму ніколі ты не знойдзеш дарогі.
89Яны жадаюць, каб вы былі нявернікамі – такімі нявернікамі, якімі з’яўляюцца яны самі; і тагды вы будзеце роўнымі паміж сабою. Не бяры сабе набліжаных сярод іх, пакуль яны не зробяць пярэбары на шляху Аллага. Але калі яны адхінуцца, дык хапайце іх і забівайце, дзе б вы не знайшлі іх. Не бярыце сярод іх ні саўдзельнікаў, ні памагатых.
90Апроч тых, якія далучыліся да людзей, паміж вамі і паміж якімі ёсць угода; а таксама тых, якія прыйдуць да вас, а сэрцы іхныя будуць сціскацца ад думкі пра змаганне супраць вас ці супраць свайго народа. Калі б Аллаг пажадаў, дык Ён зрабіў бы іх мацней за вас, і яны абавязкова пачалі б бойку з вамі. І калі яны адступяць, ці не пачнуць бойку і прапануюць вам мір, дык Аллаг не дазволіць вам ніякіх дзеянняў супраць іх.
91Вы знойдзеце яшчэ і іншых, якія будуць імкнуцца да бяспекі – ад вас і ад сваіх людзей. Кожны раз, калі іх вяртаюць да калатні, яны цалкам аддаюцца ёй. І калі яны не адступяць, не прапануюць вам мір і не прыбяруць свае рукі ад вас, дык хапайце іх і забівайце, дзе б вы ні знайшлі іх. Супраць іх Мы далі вам выразны доказ.
92І няхай вернік не забівае іншага верніка – хіба ненаўмысна. І хто па памылцы заб’е верніка, дык няхай вызваліць прыгоннага верніка і няхай сплаціць належны выкуп ягонай сям’і – хіба толькі яны пажадаюць раздаць гэта як міласціну. А калі гэты вернік быў з непрыхільнага да вас племя, дык вызваліце прыгоннага верніка. А калі ён быў з племя, паміж вамі і паміж якім ёсць угода, дык варта сплаціць належны выкуп ягонай сям’і і вызваліць прыгоннага верніка. Калі хто не ў стане зрабіць гэта, дык няхай трымае пост два наступных месяца дзеля каяння перад Аллагам! Аллаг – Усеведаючы, Мудры.
93А хто заб’е верніка наўмысна, таму платаю будзе пекла, дзе ён будзе павек. Аллаг угневіцца на яго і пракляне яго! Прыгатавана для яго вялікае пакаранне.
94о вы, якія паверылі! Калі выступаеце на шляху Аллага, дык спачатку адрознівайце, а не кажыце першаму, хто вітае вас мірам: «Ты не вернік» – імкнучыся да мімалётных дабротаў зямнога жыцця. Бо ў Аллага – вялікая здабыча. Раней вы былі такімі ж, але Аллаг выявіў Сваю літасць да вас. Таму адрознівайце. Сапраўды, Аллагу вядома тое, што вы робіце.
95Тыя вернікі, якія сядзяць у хаце і не адчуваюць цяжкасцяў, не роўныя тым, якія змагаюцца на шляху Аллага сваёй маёмасцю і жыццём. І вышэй перад Аллагам тыя, якія змагаюцца на Ягоным шляху сваёй маёмасцю і жыццём, а не тыя, якія сядзяць у хаце. Але ўсім Аллаг абяцаў найлепшае. Ён узняў тых, якія змагаюцца, над тымі, якія сядзяць па хатах – праз вялікае ўзнагароджанне,
96ступені ад Яго, прабачэнне і літасць. Сапраўды, Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.
97Сапраўды, калі анёлы прынясуць скананне тым, якія былі няслушнымі самі да сябе, дык ім скажуць: «У якім стане вы былі?» Тыя адкажуць: «Мы былі кволымі на зямлі». Ім скажуць: «Хіба зямля Аллага не разлеглая? Вы ж прымелі ажыццявіць пярэбары». Сховішчам для такіх будзе пекла. Агіднае ж гэта месца для вяртання.
98Апроч кволых мужчын, жанчын і дзяцей, якія не здольныя мудрагеліць і не прымеюць знайсці шлях.
99Магчыма, Аллаг даруе прабачэнне ім; Сапраўды, Аллаг даруе і прабачае.
100 І хто перабіраецца на шляху Аллага, той знойдзе на зямлі шмат месцаў для прытулку і багацце. А хто выходзіць са свайго дома, перабіраючыся да Аллага і Ягонага Пасланца, і потым спасцігае яго скананне (да таго, як ён дойдзе да вызначанае мэты), дык ягонае ўзнагароджанне робіцца абавязковым у Аллага: бо Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.
101 А калі вы рухаецеся па зямлі, дык няма на вас граху, каб вы скарачалі малітву, калі палохаецеся, што (падчас малітвы) вас пачнуць выпрабоўваць тыя, якія зрабіліся нявернікамі. Сапраўды, нявернікі для вас з’яўляюцца відавочным ворагам.
102 І калі ты будзеш знаходзіцца сярод іх і здзяйсняць для іх малітву, дык няхай устане разам з табою адна частка з іх, і няхай яны возьмуць сваю зброю. А калі яны зробяць зямны паклон, дык няхай іншыя будуць з тылу вас (і назіраюць за ворагам). І няхай прыйдзе іншая частка, якая не малілася, і няхай яны зробяць малітву разам з табою, але няхай будуць асцярожныя і возьмуць сваю зброю. Жадалі б тыя, якія зрабіліся нявернікамі, каб вы занядбалі сваёй зброяй і рэчамі, і яны натрапілі б на вас адзіным імкненнем. І не будзе граху на вас, калі вы адчуваеце нязручнасць праз дождж ці вы хворыя, што вы складзяце сваю зброю, але будзьце асцярожныя. Сапраўды, Аллаг падрыхтаваў няслушным зневажальнае пакаранне.
103 Калі вы скончыце малітву, дык згадвайце Аллага – стоячы, седзячы і лежачы. І калі вы апыняцеся ў бяспецы, дык рабіце поўную малітву. Сапраўды, малітва ўсталяваная для вернікаў у пэўны час.
104 І не праяўляйце кволасць, пераследуючы нявернікаў. Калі вы пакутуеце, дык і яны пакутуюць так, як пакутуеце вы. Але вы спадзяецеся на тое ад Аллага, на што не спадзяюцца яны. Аллаг – Усеведаючы, Мудры.
105 Сапраўды, мы паслалі табе праўдзівае Пісанне, каб ты судзіў паміж людзьмі так, як паказаў табе Аллаг. Таму не будзь для здраднікаў абаронцам
106 і малі прабачэння ў Аллага. Сапраўды, Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.
107 І не спрачайся на карысць тых, якія здраджваюць самім сабе. Сапраўды, Аллаг не любіць здраднікаў і грэшнікаў.
108 Яны прымеюць схавацца ад людзей, але не здолеюць схавацца ад Аллага. Бо ён знаходзіцца з імі, калі яны ноччу задумваюць словы, якімі Ён не будзе задаволены. Аллаг спасцігае тое, што яны робяць.
109 Вось вы спрачаецеся на іхную карысць у зямным жыцці. Але хто будзе спрачацца на іхную карысць перад Аллагам у Судны дзень? І хто будзе іхным абаронцам?
110 Але хто зробіць ліхое ці будзе няслушным да самога сябе, а потым маліцьме прабачэння ў Аллага, той знойдзе Аллага – Прабачаючым, Міласэрным.
111 І хто здзейсніў нешта грахоўнае, той здзейсніў яго толькі супраць самога сябе. Аллаг – Усеведаючы, Мудры.
112 І хто здзейсніў нешта няправільнае альбо грахоўнае, а потым прыпісаў яго нявінным, той узяў на сябе цяжар паклёпу і відавочнага граху.
113 Калі б не шчодрасць Аллага да вас і не Ягоная літасць, дык частка з іх абавязкова пажадала б збіць цябе са шляху. Але яны не саб’юць са шляху нікога, апроч саміх сябе, і яны не здолеюць прычыніць табе ніякае шкоды. Аллаг паслаў табе Пісанне і мудрасць. І навучыў цябе таму, чаго ты не ведаў. І з’яўляецца шчодрасць Аллага да цябе вялікаю.
114 Няма дабра ў большасці іх таемных гутарак, калі толькі яны не будуць заклікаць да міласціны, дабра альбо міру паміж людзьмі. І хто зробіць гэта, імкнучыся да задаволенасці Аллага, таму даруем Мы вялікае ўзнагароджанне.
115 І таго, хто будзе супярэчыць пасланцу нават пасля таго, як яму зрабіўся выразным просты шлях, і не рушыць шляхам вернікаў, Мы накіруем туды, куды ён звярнуўся – і ўкінем да пекла. Агіднае ж гэта месца для вяртання.
116 Сапраўды, Аллаг не прабачае, калі яму дадаюць сутаварышаў, але прабачае ўсё, апроч гэтага, таму, каму пажадае. І хто дадае Аллагу сутаварышаў, той заблукаў у глыбокай аблудзе.
117 Яны заклікаюць заміж Яго толькі названыя жаночымі імёнамі боствы. І яны не клічуць нікога іншага, як толькі бунтоўнага шатана.
118 Аллаг пракляў яго. А ён сказаў: «Я абавязкова забяру пэўную частку тваіх рабоў!
119 Я саб’ю іх са шляху, зваблю марнымі надзеямі, загадаю ім абрэзаць вушы худобе і змяняць творы Аллага». І хто ўзяў сабе шатана абаронцам заміж Аллага, той ужо панёс відавочныя страты.
120 Ён дае ім абяцанкі і спакушае марнымі надзеямі. Але шатан абяцае ім нішто іншае, як толькі спакусу.
121 Іхным домам будзе пекла. І яны не знойдуць ратунку ад яго.
122 А тых, якія паверылі і рабілі добрыя справы, Мы ўвядзём у сады, дзе цурчаць рэкі. Яны будуць там павек. Абяцанка Аллага – праўда; і хто ж праўдзівей Аллага словам?
123 І гэта не залежыць ад вашых жаданняў альбо жаданняў людзей Пісання. І хто здзяйсняе ліха, таму адплацяць тым жа, і не знойдзецца яму, апроч Аллага, ні абаронцаў, ні памагатых.
124 І хто б не рабіў добрых спраў, вернік ці верніца, дык увойдуць яны ў рай, і не зробяць з імі няслушна нават на плеўку з костачкі фініка.
125 У каго лепш вера за таго, хто аддаў свой абраз Аллагу, з’яўляецца праведным і ідзе за вераю Ібрагіма-ханіфа? А Аллаг зрабіў Ібрагіма сваім сябрам.
126 Аллагу належыць тое, што на нябёсах і што на зямлі. Бо Аллаг спасцігае кожную рэч.
127 Цябе просяць усталяваць наказ у дачыненні да жанчын. Скажы: «Аллаг усталёўвае вам наказ адносна іх і адносна таго, пра што вы чытаеце ў Пісанні – пра асірацелых жанчын, якім вы не даяце таго, што належыць ім, жадаючы ўзяць шлюб з імі; а таксама пра бездапаможных дзяцей і пра тое, каб вы ставіліся да сірацінаў слушна». І якую карысць вы ні рабілі б, Аллаг ведае пра гэта.
128 Калі жанчына палохаецца непрыхільнасці мужа ці ён пазбягае яе, дык не будзе ім абаім граху, калі яны прыйдуць да мірнага пагаднення, бо згода – лепш. Людзі – прагныя, але, калі вы будзеце дабрадзейныя і збожныя, дык, сапраўды, Аллагу вядома тое, што робіце вы.
129 Вы ніколі не здолееце аднолькава слушна ставіцца да ўсіх жонак, нават калі вы імкняцеся да гэтага. Не схіляйцеся да адной, пакідаючы іншую ў нявызначанасці. І калі вы будзеце праведныя і збожныя, дык, сапраўды, Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.
130 А калі яны разлучацца, дык кожнага з іх Аллаг узбагаціць ад Сваёй шчодрасці. Аллаг – Абнімальны, Мудры.
131 Аллагу належыць тое, што на нябёсах і на зямлі. І мы наказалі тым, каму дадзена Пісанне раней за вас, а таксама вам, каб вы палохаліся Аллага. А калі вы не паверыце, дык Аллагу належыць тое, што на нябёсах, і тое, што на зямлі, і Аллаг – Багаты, Хвалімы.
132 Аллагу належыць тое, што на нябёсах і што на зямлі. І дастаткова Аллага як абаронцы.
133 Калі ён пажадае, дык адвядзе вас, о людзі! – і прывядзе новых. Бо Аллаг здольны на гэта.
134 І калі хто імкнецца ўзнагароджання зямнога жыцця, дык у Аллага – узнагароджанне зямнога жыцця і жыцця будучага. Аллаг – Усечуючы, Усебачачы.
135 о вы, якія паверылі! Трымайцеся слушнасці, калі вы будзеце сведкамі перад Аллагам, нават калі гэта сведчанне будзе супраць вас саміх, вашых бацькоў ці сваякоў. Будзе гэта заможныя альбо незаможныя, іхная справа належыць Аллагу. Не ідзі за запалам, каб не парушыць слушнасці. Калі ж вы скрывіце альбо адхіліцеся, дык, сапраўды, Аллагу вядома тое, што робіце вы.
136 о вы, якія паверылі! Верце ў Аллага, Ягонага Пасланца і Пісанне, якое Ён паслаў пасланцу свайму; а таксама ў Пісанне, якое было паслана раней. І хто не верыць у Аллага, Ягоных анёлаў, Ягоныя Пісанні, Ягоных пасланцоў і ў Апошні дзень, той заблукаў у глыбокай аблудзе.
137 Сапраўды, тых, якія паверылі, а потым зрабіліся нявернікамі, потым нанова паверылі і нанова зрабіліся нявернікамі, яшчэ і дадаўшы сабе няверы – тым не даруе Аллаг і не пакажа ім шляху.
138 Распавядзі добрую вестку крывадушнікам – пра тое, што чакае на іх вялікае пакаранне,
139 тых, якія бяруць сабе прыхільнікамі нявернікаў, грэбуючы вернікамі. Няўжо яны імкнуцца атрымаць ад іх моц? Сапраўды, уся моц належыць Аллагу.
140 Аллаг ужо паслаў вам у Пісанні, каб вы не садзіліся разам з тымі, якія, пачуўшы знакі Аллага, не вераць у іх і кпяць з іх – пакуль яны не пачнуць размаўляць пра нешта іншае. Інакш вы будзеце падобныя да іх! Сапраўды, Аллаг згуртуе крывадушнікаў і нявернікаў у пекле – усіх.
141 Яны чакаюць таго, што здарыцца з вамі. Калі прыйдзе да вас ад Аллага перамога, дык яны скажуць: «Хіба мы не былі з вамі?» А калі перамога будзе на баку нявернікаў, дык яны скажуць: «Хіба мы не дапамагалі вам і не абаранялі вас ад вернікаў?» Аллаг рассудзіць паміж вамі ў дзень Адраджэння і Аллаг ніколі не даруе нявернікам перавагі над вернікамі.
142 Сапраўды, крывадушнікі спрабуюць ашукаць Аллага, але Ён зробіць так, што яны самі апынуцца ашуканымі. І калі яны здзяйсняюць малітву, дык робяць гэта з гультайствам, толькі паказваючы сябе перад людзьмі і рэдка згадваючы Аллага,
143 хістаючыся пасярэдзіне – ні на гэтым, ні на тым. А каго Аллаг збіў са шляху, таму ты не знойдзеш дарогі.
144 о вы, якія паверылі. Не бярыце сабе прыхільнікамі нявернікаў заміж вернікаў. Няўжо вы імкнецеся, каб Аллаг меў супраць вас відавочны доказ?
145 Сапраўды, крывадушнікі апынуцца на самым дне пекла. І ты не знойдзеш для іх памагатага.
146 Апроч тых, якія павініліся, выправіліся, шукалі абароны ў Аллага і былі шчырымі ў сваёй веры перад Аллагам. Менавіта яны будуць разам з вернікамі і Аллаг даруе вернікам вялікую ўзнагароду.
147 Няўжо Аллаг будзе караць вас, калі вы будзеце ўдзячныя і паверыце? Аллаг – Удзячны, Усеведаючы.
148 Аллаг не любіць прылюднага абгавору, хіба як зрабілі няслушна з кімсьці. Аллаг – Усечуючы, Усеведаючы.
149 Калі вы будзеце рабіць дабро адкрыта альбо таемна, альбо прабачце ліха, дык Аллаг – Паблажлівы, Усемагутны.
150 Сапраўды, тыя, якія не вераць у Аллага і Ягоных пасланцоў, спрабуюць правесці мяжу паміж Аллагам і Ягонымі пасланцамі і кажуць: «Мы верым у адных і не верым у іншых» – імкнучыся абраць сярэдні шлях.
151 Яны – сапраўдныя вернікі. А для іх мы падрыхтавалі зневажальнае пакаранне.
152 А тым, хто паверыў у Аллага і Ягоных пасланцоў, і хто не праводзіць ніякае мяжы паміж імі, ён дасць узнагароджанне ім. Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.
153 Просяць цябе людзі Пісання, каб паслаў ты ім Пісанне з неба. Яны ўжо прасілі ў Мусы яшчэ большага і казалі: «Пакажы нам Аллага адкрыта». І паразіла іх маланка за няслушныя словы іхныя. Але пасля таго, як прыйшлі да іх выразныя знакі, узялі яны сабе цяля [як боства]. Аднак мы даравалі ім гэта і далі Мусе выразныя доказы.
154 Мы пабудавалі перад імі гару, згодна з Нашым запаветам з імі, і сказалі ім: «Увайдзіце да брамы, нізка кланяючыся». І яшчэ Мы сказалі ім: «Не парушайце суботы». І мы ўзялі з іх цвёрдую абяцанку.
155 за парушэнне запавету Свайго, за іхную няверу ў знакі Аллага і за іхнае забойства прарокаў без права на тое, за іхныя словы: «запячатаныя сэрцы нашыя» – але ж гэта Аллаг запячатаў іх за іхную няверу, і кволая вера іхная.
156 за іхную няверу і за тое, што яны ўзвялі вялікі паклёп на Мар’ям,
157 і за іхныя словы: «Сапраўды, мы забілі Ісу, сына Мар’ям». Але ж яны не забілі яго і не ўкрыжавалі, а гэта толькі здалося ім. Сапраўды, тыя, якія спрачаюцца пра яго, знаходзяцца ў ваганні, і няма ў іх ведання, а толькі ідуць яны за здагадкамі. Яны сапраўды не забівалі яго.
158 Гэта Аллаг узняў яго да Сябе, Аллаг – Велічны, Мудры.
159 І, сапраўды, сярод людзей Пісання ёсць такія, якія не павераць у Ісу аж да свайго сканання. Таму ў дзень Адраджэння ён будзе сведкам супраць іх.
160 І за няслушнасць тых, якія з’яўляюцца юдэямі, Мы забаранілі ім тыя даброты, якія былі дазволеныя ім раней. ды яшчэ і за тое, што яны шмат каго з людзей збілі са шляху Аллага.
161 Яны займаліся ліхвярствам, хоць ім было забаронена гэта, а таксама без права жэрлі маёмасць людзей. Нявернікам праз іх мы падрыхтавалі пакутлівае пакаранне.
162 Аднак паслядоўным у веданні і вернікам сярод іх, якія вераць у пасланае табе і пасланае раней за цябе; тым, якія здзяйсняюць малітву, даюць закят і вераць у Аллага і Судны дзень, Мы дамо вялікую ўзнагароду.
163 Сапраўды, Мы даравалі табе адкрыццё, як даравалі яго Нуху і прарокам пасля яго, як даравалі адкрыццё Ібрагіму, Ісмаілю, Ісхаку, Якубу і ягоным каленам; Ісе, Аюбу, юнусу, Гаруну і Сулейману. І Мы далі дауду забур.
164 Пра некаторых пасланцоў Мы ўжо паведамлялі табе раней, а пра некаторых – не паведамлялі. Аллаг жа казаў Мусе словам.
165 Мы выправілі пасланцоў – дабравеснікаў і засцерагальнікаў, каб не мелі людзі пасля гэтага доказу супраць Аллага. Аллаг – Велічны, Мудры.
166 Аллаг сведчыць, што пасланыя да цябе – пасланыя па Ягоным веданні. Анёлы таксама сведчаць пра гэта. І Аллага дастаткова як Сведкі.
167 Сапраўды, тыя, якія самі не вераць і збіваюць іншых са шляху Аллага, зайшлі далёка ў сваёй аблудзе.
168 Не даруе Аллаг тым, якія не верылі і здзяйснялі няслушнасць, ды і не накіруе іх простым шляхам,
169 а толькі шляхам пекла, дзе яны будуць павек. І гэта для Аллага латва.
170 о людзі! Прыйшоў да вас Пасланец з праўдаю ад вашага Госпада. Паверце ж дзеля дабра свайго! А калі не паверыце, дык Аллагу належыць тое, што на нябёсах і на зямлі. Аллаг – Усеведаючы, Мудры.
171 о людзі Пісання! Не парушайце вашае веры і не кажыце пра Аллага нічога, апроч праўды. Бо Месія-Іса, сын Мар’ям – толькі пасланец Аллага і слова Ягонае, данесенае да Мар’ям, і дух ад Яго. Паверце ж у Аллага і Ягоных пасланцоў і не кажыце: «Тройца». Лепей для вас устрымацца ад гэтага. Сапраўды, Аллаг – Бог адзіны, Усячысты Ён ад таго, каб мець дзіцё. Яму належыць тое, што на нябёсах і што на зямлі. дастаткова Аллага як Абаронцы.
172 Ні Месія, ні набліжаныя анёлы ніколі не цураліся быць рабамі Аллага. А ўсе тыя, якія саромеюцца быць Ягонымі рабамі і перапаўняюцца гонарам, будуць сабраныя ў Яго ўсе разам.
173 А тым, якія паверылі і рабілі добрыя справы, Ён поўнасцю дасць узнагароджанне іхнае, ды яшчэ і павялічыць яго па Сваёй шчодрасці. А тых, якія цураліся і ганарыліся, Ён пакутліва скарае. І не знойдзецца ім, апроч Аллага, ні абаронцы, ні памагатага.
174 о Людзі! Прыйшоў да вас доказ ад Госпада вашага. І мы паслалі вам святло выразнае.
175 Тых жа, якія паверылі і ўскладалі надзеі на Аллага, Ён увядзе ў літасць і шчодрасць Сваю, і павядзе да Сябе простым шляхам.
176 Просяць цябе ўсталяваць наказ. Скажы: «Аллаг усталюе вам наказ адносна сваяцтва па бочнай лініі. Калі загіне мужчына, і няма ў яго дзіцяці, але ёсць сястра, дык ёй палова таго, што пакінуў ён. Таксама і ён атрымлівае ў спадчыну ейную маёмасць, калі няма ў яе дзіцяці. Калі ж сёстраў дзве, дык ім належыць дзве траціны таго, што пакінуў ён. А калі сваякі – брат і сястра, дык мужчыну належыць доля спадчыны, роўная долі дзвюх жанчын. Аллаг тлумачыць вам гэта, каб не трапілі вы ў аблуду. Аллаг ведае пра кожную рэч».