الأنعام
The Cattle • 165 ayahs • Meccan
بِسْمِ ٱللَّهِ ٱلرَّحْمَٰنِ ٱلرَّحِيمِ
1 Хвала Аллагу, Які стварыў неба і зямлю і стварыў цемру і святло. Але нават пасля гэтага нявернікі дадаюць роўных свайму Госпаду.
2 Ён – Той, Хто стварыў цябе з гліны, а потым прызначыў табе тэрмін; І мае Ён і другі тэрмін для вас. Але нават пасля гэтага вы вагаецеся.
3 Ён – Бог на нябёсах ды на зямлі. Ён ведае тое, што вы хаваеце і тое, што адкрыта; і Ён ведае тое, што вы атрымаеце.
4 І які б знак са знакаў іхнага Госпада да іх не прышоў, яны адхінуцца ад яго.
5 Яны ўспрынялі праўду як няпраўду, калі яна дайшла да іх. Але хутка да іх прыйдуць навіны пра тое, з чаго яны здзекаваліся.
6 Хіба яны не бачаць, колькі мінулых пакаленняў мы знішчылі? Мы далі ім моц, якую мы не далі вам, і мы абрынулі моцныя дажджы з нябёсаў і дазволілі рэкам цурчаць па іхных землях. А потым Мы знішчылі іх за грахі і стварылі наступнае пакаленне пасля іх.
7 Нават калі б мы паслалі вам Пісанне на аркушах, і яны дакрануліся да яго сваімі рукамі, дык нявернікі напэўна сказалі б: «Гэта відавочнае чараўніцтва!»
8 Яны кажуць: «Чаму да яго не быў пасланы анёл?» Калі б мы паслалі анёла, справа была б вырашаная, і мы не далі б ім адтэрміноўкі.
9 Але калі б мы паслалі анёла, мы ўсё адно зрабілі б яго чалавекам, пакінуўшы ім сумневы.
10Яны здзекаваліся з пасланцоў перад вамі. Але тых, хто здзекаваўся, напаткала тое, з чаго яны здзекаваліся.
11Скажы: выйдзіце на зямлю і паглядзіце, які быў канец тых, хто лічыў іх хлусамі.
12Спытай: «Хто валодае тым, што ёсць на небе і на зямлі?» І скажы: «Аллагу! Ён зрабіў літасць сваім абавязкам! І ён абавязкова збярэ вас у дзень Адраджэння, у якім няма сумневу! Тыя, якія страцілі саміх сябе, не павераць».
13Яму належыць усё тое, што спачывае ноччу і днём, а ён – Усечуючы, Усеведаючы.
14Скажы: «Хіба я вазьму сабе абаронцу заміж Аллага, Творцы нябёсаў і зямлі? Ён жывіць, а яго не жывяць». І скажы: «Мне загадана быць першым з тых, хто падпарадкаваўся Яму!» Так што не будзь адным з паганаў!
15Скажы: «Я палохаюся, што ў выпадку непакорлівасці майму Госпаду, я буду пакараны ў Вялікі дзень!»
16Але каго гэта абміне ў той дзень, над тым Ён злітаваўся. Гэта – сапраўдны поспех!
17Калі Аллаг закране цябе бедствам, дык ніхто не адцягне гэтага, апроч Яго! А калі ён закране цябе дабром, дык Ён здольны на кожную рэч!
18Ён – Усепераможны над сваімі рабамі і Ён – Мудры, дасведчаны!
19Спытай: «Якое сведчанне самае важнае?» І скажы: «Аллаг – сведка паміж мною і вамі! Мне намоваю адкрыты гэты Каран, каб я засцерагаў ім вас і тых, да каго ён дойдзе. Няўжо вы на самой справе сведчыце, што апроч Аллага ёсць яшчэ і іншыя боствы?» Скажы: «Я не сведчу пра гэтае!» Скажы: «Сапраўды, Ён – Адзіны Бог! І, сапраўды, я не маю дачынення да таго, што вы прыпісваеце яму сутаварышаў!»
20Тыя, каму Мы даравалі Пісанне, ведаюць [Прарока] так, як ведаюць сваіх сыноў; тыя, якія страцілі саміх сябе, не павераць.
21Хто ж няслушны за таго, хто ўзводзіў паклёп на Аллага і адмаўляў Ягоныя знакі? Сапраўды, прыгнятальнікі не будуць мець поспеху.
22У той дзень мы згуртуем іх усіх, а потым скажам паганым: «дзе ж вашыя сутаварышы, якіх вы прыдумлялі?»
23Тагды не будзе ў іх іншага тлумачэння, хіба што скажуць: «Клянёмся Аллагам, Госпадам нашым, мы не былі паганымі!»
24зірні ж, як яны будуць хлусіць пра саміх сябе! Пакінь іх разам з тым, што прыдумлялі яны.
25Сярод іх ёсць тыя, якія слухаюць цябе, але мы паклалі на сэрцы іхныя пакровы, каб яны не разумелі [Карана], а вушы зрабілі глухімі. І хоць бы яны ўбачылі ўсе знакі, дык не павераць у іх. І калі яны прыходзяць да цябе спрачацца, дык кажуць тыя, якія не вераць: «Сапраўды, гэта толькі казкі старажытных народаў».
26Яны адхінаюць людзей [ад Прарока] і адхінаюцца ад яго самі. Але яны не знішчаюць нікога, апроч сябе, хоць самі гэтага не ведаюць.
27Калі б ты бачыў, як спыняць іх перад агнём. І яны скажуць: «о, калі б нас паварочалі назад! Мы не лічылі б знакі Госпада нашага за хлусню і былі б аднымі з вернікаў!»
28дык не! Адкрылася ім тое, што яны раней хавалі! ды калі б іх і паварочалі назад, дык яны б нанова паварочаліся да таго, што было ім забаронена. Сапраўды, яны – хлусы.
29Яны кажуць: «Ёсць толькі нашае зямное жыццё і нас не адродзяць».
30Калі б ты бачыў, як іх спыняць перад Госпадам іхным. Ён скажа: «Хіба гэта не праўда? Яны скажуць: «Сапраўды, клянёмся нашым Госпадам». Ён скажа: «Гэтакім чынам паспрабуйце пакарання за тое, што вы не паверылі».
31Ужо панеслі страты тыя, якія адмаўлялі сустрэчу з Аллагам. Калі ж раптам да іх прыйдзе час, яны скажуць: «Гора нам за тое, што мы страцілі!» Яны будуць несці на сваіх спінах іхнае бярэмя; якое ж гаротнае тое, што яны нясуць.
32Жыццё ў гэтым свеце – толькі гульня і забава. Наступнае жыццё лепш для тых, якія збожныя. Няўжо вы не разумееце?
33Мы ведаем той смутак, які ты маеш ад іхных словаў. Яны не лічаць цябе за хлуса – прыгнятальнікі адмаўляюць знакі Аллага.
34І перад табою лічылі пасланнікаў за хлусаў. Але тыя трывалі тое, што іх называлі хлусамі і крыўдзілі, пакуль Мы не дапамаглі ім. Ніхто не зменіць слоў Аллага, і ўжо дайшлі да цябе весткі пра пасланцоў.
35А калі цябе засмучае іхнае адступленне, то, калі ты здолееш адшукаць праход у зямлі альбо лесвіцу на неба, прынясі ім знак. Калі б Аллаг пажадаў, дык сабраў бы іх на простым шляху. Так што не будзь адным з невукаў.
36Сапраўды, адказваюць тыя, якія здольныя слухаць. Аллаг адродзіць скананых, а потым яны паварочаюцца да яго!
37Яны кажуць: «Чаму не пасланы яму знак ад Госпада ягонага?» Скажы: «Сапраўды, Аллаг здольны паслаць знак». Але ж большасць з іх не мае ведання.
38Няма жывёлы на зямлі і птушак, якія лётают на крылах, якія б не тварылі суполак, як і вы. Мы нічога не абышлі ў Пісанні. А потым згуртуюць іх каля Госпада іхнага.
39А тыя, якія адмаўлялі нашыя знакі – яны глушцы, нямкі і знаходзяцца ў цемры. Аллаг уводзіць у аблуду, каго пажадае, і вядзе простым шляхам, каго пажадае.
40Спытай: «Скажыце мне: калі прыйдзе да вас пакаранне ад Аллага ці прыйдзе Час, дык няўжо вы будзеце клікаць кагосці, апроч Аллага, Калі вы праўдзівыя?»
41дык не! Вы будзеце клікаць толькі Яго! Калі ён пажадае, дык пазбавіць вас на тое, пра што вы яго просіце пазбавіць, і тагды вы забудзецеся на тых, каго дадавалі Яму ў сутаварышы.
42І мы выпраўлялі пасланцоў да народаў перад табою; і Мы выпрабоўвалі іх галечаю і пакутамі, каб яны былі паслухмянымі.
43Чаму ж, калі напаткала іх Нашае пакаранне, яны не рабіліся паслухмянымі? Наадварот, сэрцы іхныя рабіліся жорсткімі, а шатан упрыгожыў ім тое, што яны рабілі.
44І калі яны забыліся на тое, пра што ім нагадвалі, Мы адкрылі ім шлях да кожнае рэчы. А калі яны ўсцешыліся з таго, што ім далі, мы нечакана схапілі іх. І вось, яны разгубіліся.
45І былі знішчаныя да апошняга тыя людзі, якія ўчынялі няслушнасць. Хвала Аллагу, Госпаду светаў!
46Спытай: «Скажыце мне, калі Аллаг адбярэ ваш слых, зрок і запячатае вашыя сэрцы, дык які бог, апроч Аллага, даруе вам гэта?» зірні, як мы тлумачым знакі – але і пасля гэтага яны адхінаюцца.
47Спытай: «Скажыце мне, калі пакаранне Аллага прыйдзе да вас нечакана ці адкрыта, дык няўжо знішчаць кагосьці іншага, апроч няслушных людзей?»
48Мы пасылалі пасланцоў толькі добрымі веснікамі і засцерагальнікамі. І тым, якія павераць і будуць рабіць дабро, не будзе сполаху і не будуць яны засмучаныя.
49А на тых, якія адмаўлялі нашыя знакі, падзе пакаранне за тое, што яны былі непакорлівыя.
50Скажы: «Я не кажу вам, што ў мяне скарбніцы Аллага і што я ведаю таемнае. І не кажу вам, што я – анёл. Я іду за тым, што адкрыта мне. Скажы: «Хіба роўныя невідушчы і відушчы? Няўжо вы не задумаецеся?»
51засцерагай [Каранам] тых, якія палохаюцца таго, што яны будуць сабраныя перад сваім Госпадам. Няма для іх апроч Яго, ні абаронцы, ні заступніка. Магчыма, яны будуць збожныя.
52І не папірай тых, якія заклікаюць да Госпада свайго раніцай і ўвечары, імкнучыся да Яго задавальнення. Ты ніяк не адказваеш за іх, а яны ніяк не адказваюць за цябе. Але калі ты папрэш іх, дык будзеш сярод прыгнятальнікаў.
53Так Мы спакушалі адных іншымі, каб тыя сказалі: «Хіба Аллаг дараваў літасць менавіта гэтым з нас?» ды хіба ж Аллаг не ведае пра ўдзячных?
54І калі да цябе прыходзяць тыя, якія паверылі ў Нашыя знакі, дык скажы: «Мір вам! Ваш Госпад зрабіў для сябе літасць абавязкам; і калі хто з вас здзейсніць ліха праз невуцтва, а потым павініцца і будзе рабіць дабро, дык Ён – Прабачаючы, Міласэрны!»
55Так Мы тлумачым знакі, каб стаў выразным шлях беззаконнікаў.
56Скажы: «Мне забаронена пакланяцца тым, якіх вы заклікаеце заміж Аллага!» Скажы: «Я не пайду за вашымі жаданнямі, бо траплю ў аблуду і не буду адным з тых, хто ідзе простым шляхам».
57Скажы: «Я прытрымліваюся выразнага доказу ад майго Госпада, а вы лічыце гэта за хлусню! У мяне няма таго, што вы спрабуеце паскорыць. Развязак належыць Аллагу; Ён паведамляе праўду, Ён – лепшы з суддзяў!»
58Скажы: «Калі б у мяне было тое, што вы спрабуеце паскорыць, дык справа паміж мною і вамі была б ужо вырашаная!» Аллаг лепш ведае пра прыгнятальнікаў.
59У яго ключы да таемнага, і ведае пра іх толькі ён! Ён ведае тое, што на сухазем’і і ў моры. Ніводзін лісток не падае, каб ён не ведаў гэтага, і няма ні збожжа ў цемры зямлі, ні чагосьці вільготнага альбо сухога, чаго б ні было [запісана] ў выразным Пісанні.
60Ён – Той, хто забірае вашыя душы ноччу і ведае тое, што вы робіце днём; менавіта тагды Ён адраджае вас, каб споўніўся прызначаны тэрмін. А потым вы паварочаецеся да Яго і Ён паведаміць вам пра тое, што вы рабілі.
61Ён – Паўнаўладны над рабамі сваімі, ён пасылае вам ахоўнікаў, а калі да каго-небудзь з вас прыходзіць скананне, дык ягоную душу забіраюць нашыя пасланцы, якія не губляюць нічога.
62А потым іх паварочаюць да Аллага, іхнаму Сапраўднаму Гаспадару. Хіба не Яму належыць прысуд? А Ён – самы хуткі ў адплаце.
63Спытай: «Хто ратуе вас ад змроку сухазем’я і мора, калі вы звяртаецеся да Яго пакорліва і таемна: «Калі ты выратуеш нас ад гэтага, мы абавязкова будзем удзячныя»?»
64Скажы: «Аллаг ратуе вас ад гэтага і ад усялякага іншага бедства. Але і пасля гэтага вы дадаяце Яму сутаварышаў».
65Скажы: «Ён здольны наслаць на вас кару зверху ці знізу, з-пад вашых ног, альбо падзяліць вас на розныя гурты, каб адны з вас паспрабавалі жорсткасці іншых». зірні ж, як мы тлумачым знакі, магчыма, яны зразумеюць.
66Твой народ палічыў гэта за хлусню, хоць гэта – праўда! Скажы: «Я вам не абаронца!»
67для кожнае весткі ўсталяваны тэрмін. Так што хутка вы даведаецеся.
68І калі ты ўбачыш, што яны шапочуць пра Нашыя знакі, дык адхініся ад іх, пакуль яны не пачнуць іншую размову. І калі шатан прымусіць цябе забыцца на гэтае, дык, калі згадаеш, не сядай побач з прыгнятальнікамі.
69збожныя не адказваюць за іх, але мусяць нагадваць – магчыма, тыя будуць збожныя.
70Пакінь тых, якія ўспрымаюць сваю веру як гульню і забаву і якіх спакушае зямное жыццё. Але павучай іх [Каранам] – каб не загінула ніводная душа праз тое, што яна сабе набыла – няма для яе, апроч Аллага, ні абаронцы, ні заступніка, і які б выкуп яна ні прапанавала, не прымуць яго. Чакае на тых, якія загінулі праз тое, што набылі сабе, напой з кіпеню і пакутлівае пакаранне за тое, што яны не былі вернікамі.
71Скажы: «Хіба мы будзем звяртацца заміж Аллага да таго, хто не прынясе нам ні карысці, ні шкоды? Няўжо мы адступім пасля таго, як Аллаг паказаў нам просты шлях, – нібыта той, каго спакусілі шатаны на зямлі і давялі да сумневаў? У яго ёсць сябры, якія заклікаюць яго да простага шляху і кажуць: «Ідзі да нас!» Скажы: «Сапраўды, просты шлях ад Аллага – сапраўдны просты шлях! І нам загадана падпарадкавацца Госпаду светаў,
72здзяйсняць малітву і палохацца Яго. Ён – Той, перад кім вы будзеце сабраныя!»
73Ён – Той, Хто стварыў нябёсы і зямлю ў праўдзе. У той дзень Ён скажа: «Будзь!» Слова Ягонае – праўда! Яму належыць улада над днём, калі затрубяць у рог. Ён ведае таемнае і відавочнае. Ён – Мудры, дасведчаны.
74Вось Ібрагім сказаў свайму бацьку Азару: «Хіба ты лічыш стодаў багамі? Я бачу, што ты і твае людзі знаходзяцца ў сапраўднай аблудзе».
75Так Мы паказалі Ібрагіму каралеўствы нябёсаў і зямлі, каб ён быў адным з упэўненых.
76Калі яго схавала ноч, ён убачыў зорку і сказаў: «Гэта – мой Госпад!» А калі тая зайшла, ён сказаў: «Я не люблю тое, што заходзіць».
77І калі ён убачыў месяц, які ўзышоў, дык сказаў: «Гэта – мой Госпад!» Калі той знік, ён сказаў: «Калі мой Госпад не пакажа мне простага шляху, дык я зраблюся адным з аблудных людзей».
78І калі ён убачыў сонца, якое ўзыходзіла, дык сказаў: «Гэта – мой Госпад! Яно больш за іншых!» А калі сонца зайшло, ён сказаў: «о людзі! Я не маю дачынення да таго, што вы дадаяце Яму ў сутаварышы.
79Я звярнуў свой твар да Таго, Хто стварыў нябёсы і зямлю, і я не паганін!»
80І народ яго пачаў спрачацца з ім. Тагды ён сказаў: «Хіба вы будзеце спрачацца са мною пра Аллага, які ўжо паказаў мне просты шлях? Я не палохаюся тых, каго вы дадаяце Яму ў сутаварышы, хіба што Госпад мой пажадае чагосьці іншага. Мой Госпад спасцігае веданнем кожную рэч. Няўжо вы не задумаецеся?
81І як жа я прымею палохацца тых, каго вы дадаяце Яму ў сутаварышы, калі вы самі не палохаецеся дадаваць Аллагу ў сутаварышы таго, пра каго Ён не паслаў вам ніякага доказу? дык якая ж з дзвюх суполак мае больш падставаў для бяспекі, калі вы ведаеце?»
82Тыя, якія паверылі і не апранулі сваю веру ў няслушнасць, знаходзяцца ў бяспецы, і яны ідуць простым шляхам.
83Такія нашы доказы, якія мы далі Ібрагіму супраць ягонага народа. Мы ўзвышаем па ступенях, каго пажадаем. Сапраўды, твой Госпад – Мудры, Усеведаючы.
84Мы даравалі яму Ісхака і Якуба. Мы павялі іх абодвух простым шляхам. Яшчэ раней мы павялі простым шляхам Нуха, а з ягоных нашчадкаў – давуда, Сулеймана, Аюба, юсуфа, Мусу і Гаруна. Такім чынам Мы ўзнагароджваем шчырых.
85А таксама закарыю, Ях’ю, Ісу ды Ільяса. Усе яны былі з ліку праведнікаў.
86А таксама Ісмаіля, Аль–Ясаа, юнуса і Лута. Усіх іх Мы ўзнеслі над светамі.
87А таксама некаторых з іхных бацькоў, нашчадкаў і братоў. Мы абралі іх і павялі іх простым шляхам.
88Такое кіраўніцтва Аллага, з дапамогаю якога Ён вядзе простым шляхам тых са Сваіх рабоў, каго пажадае. Але калі б яны далучылі паплечнікаў, дык стала б дарэмным усё, што яны рабілі.
89Гэта – тыя, каму мы даравалі Пісанне, мудрасць і прароцтва. І нават калі яны не павераць у гэта, мы ўжо даручылі гэта іншым людзям, якія не зробяцца нявернікамі.
90Гэта – тыя, каго Аллаг накіраваў простым шляхам. Ідзі ж па іхных загадах. Скажы: «Я не прашу ў вас за гэта ўзнагароджання. Гэта – толькі напамін для светаў».
91Яны не ўшанавалі Аллага годным чынам, калі сказалі: «Нічога не пасылаў Аллаг чалавеку!» Спытай: «Хто ж паслаў Пісанне, з якім Муса прыйшоў як са святлом і кіраўніцтвам для людзей, і якое вы зрабілі асобнымі аркушамi, нешта адтуль паказваючы, а шмат чаго хаваючы? Але ж вас навучылі таму, чаго не ведалі ні вы, ні вашыя бацькі!» Скажы: «Аллаг!» І пакінь іх бавіцца ўласным марнаслоўем.
92Мы паслалі гэтае Пісанне – блаславенне, якое сцвярджае тое, што было перад ім, каб ты засцерагаў ім Маці Гарадоў і тых, хто жыве па-за яе. Тыя, якія вераць у наступнае жыццё, вераць у [Каран], яны ўважлівыя да сваіх малітваў.
93Хто ж няслушней за таго, хто ўзводзіць паклёп на Аллага ці кажа: «Мне дадзена адкрыццё» – а на самой справе нічога яму не адкрыта, ці кажа: «Я пашлю накшталт таго, што паслаў Аллаг»? Калі б ты бачыў няслушных у цемры сканання, як цягнуцца да іх рукі анёлаў: «Аддайце свае душы! Сёння адплацяць вам зневажальным пакараннем за тое, што вы казалі пра Аллага няпраўду і грэбавалі Ягонымі знакамі!»
94«Вы прыйшлі да нас адзінцамі – такімі, якімі Мы стварылі вас упершыню, і пакінулі з тылу сябе тое, што Мы дарылі вам у валоданне. Мы не бачым разам з вамі абаронцаў, якіх вы лічылі сутаварышамі [Нам]. Ужо разарваныя сувязі паміж вамі і пакінулі вас тыя, каго вы прыдумлялі».
95Сапраўды, Аллаг расколвае збожжа і костачку, выводзіць жывое з нежывога і выводзіць нежывое з жывога. Вось такі Аллаг! Як жа вы падаліліся!
96Ён раскрывае світанак, робіць ноч для спакою, а сонца і месяц сродкамі для разліку. Так усталявана Велічным, Усеведаючым.
97Ён – Той, Хто стварыў для вас зоркі, каб вы знаходзілі па іх шлях у змроку сухазем’я і мора. Мы патлумачылі знакі для людзей, якія ведаюць.
98Ён – Той, Хто стварыў вас з адзінае душы і вызначыў месца знаходжання і месца захоўвання. І мы патлумачылі знакі для людзей, якія разумеюць.
99Ён – Той, Хто звёў з неба ваду, дзякуючы якой растуць розныя расліны. Мы гадуем з іх зеляніну, з якое гадуем збожжа ў каласах. А з пальмавых завязяў Мы гадуем вісячыя гронкі. Мы гадуем вінаградныя сады, алею і гранаты, падобныя і непадобныя. зірніце ж на іхны плён, калі ён завязваецца і спее. Сапраўды, у гэтым – знак для вернікаў.
100 Яны лічаць джынаў роўнымі Аллагу, хоць гэта ён стварыў іх. [Пагане] прыдумалі яму сыноў і дачок без усялякага ведання; Прыслаўны Ён і вышэй за тое, што Яму прыпісваюць яны.
101 Творца нябёсаў і зямлі, як Ён прымее мець дзіцяці, калі не мае жонкі? Ён стварыў кожную рэч і, Ён пра кожнаю рэч ведае.
102 Такі Аллаг, ваш Госпад; няма бога, апроч Яго, стваральніка кожнае рэчы; таму пакланяйцеся Яму. Ён – абаронца кожнае рэчы.
103 Погляды не спасцігаюць Яго, гэта ён спасцігае погляды. Ён – добры, дасведчаны.
104 «Ужо прыйшлі відавочныя знакі ад Госпада вашага. Хто бачыць іх, бачыць сам для сябе, а хто невідушчы, дык толькі сам супраць сябе. Я вам не ахоўнік».
105 Так Мы тлумачым знакі, каб табе сказалі: «Ты навучыўся гэтаму». І каб мы патлумачылі яго людзям, якія ведаюць.
106 Ідзі за тым, што адкрыў табе Госпад твой; няма бога, апроч Яго. Так што адхініся ад паганаў.
107 Калі б Аллаг пажадаў, яны б не дадавалі Яму сутаварышаў. Але Мы не зрабілі цябе ахоўнікам і ты не абаронца для іх.
108 Не ганьбіце тых, да каго яны заклікаюць заміж Аллага, інакш праз сваю непрыхільнасць і невуцтва яны пачнуць ганьбіць Аллага. Мы ўпрыгожылі для кожнага народа ягоныя ўчынкі, але потым яны паварочаюцца да Нас, і Мы паведамім ім пра тое, што рабілі яны.
109 Яны кляліся Аллагам – наймацнейшымі кляцьбамі! – што, калі прыйдзе да іх знак, дык яны павераць у Яго. Скажы: «знакі – у Аллага! Але адкуль вам ведаць, што, калі тыя прыйдуць да іх, яны не павераць?»
110 Мы адцягнулі іхныя сэрцы і погляды, бо яны не паверылі [ў Каран] спачатку, і пакінулі іх блукаць у неладзе.
111 Калі б мы нават выправілі да іх анёлаў, і калі б пачалі размаўляць з імі нежывыя, і калі б Мы сабралі перад імі ўсё [што яны просяць] – яны ўсё адно б не паверылі, калі б не пажадаў Аллаг. Але большасць з іх – невукі.
112 Так Мы вызначылі для кожнага прарока ворага – шатанаў з людзей і джынаў. Яны зводзяць адно аднаго прыгожымі словамі. ды калі б твой Госпад пажадаў, яны б не рабілі гэтага. Таму пакінь іх разам з тым, што яны прыдумляюць.
113 І каб прыслухоўваліся да іх сэрцы тых, якія не вераць у апошняе жыццё, і каб яны цешыліся з гэтага і далей рабілі тое, што робяць.
114 «Хіба я буду шукаць іншага суддзю заміж Аллага? Ён – Той, Хто паслаў вам Пісанне, якое патлумачыў». Тыя, каму дадзена Пісанне, ведаюць, што яно паслана ад Госпада Твайго ў праўдзе! Таму не будзь сярод тых, хто вагаецца».
115 Слова Госпада твайго дасканалае ў праўдзе і слушнасці! Ніхто не зменіць Ягоных слоў. Ён – Усечуючы, Усеведаючы.
116 Калі ты будзеш слухаць большасць з тых, хто на зямлі, дык яны саб’юць цябе са шляху Аллага. Яны ідуць за сваімі меркаваннямі і прыдумкамі.
117 Сапраўды, Госпад твой лепш ведае тых, хто адхіліўся ад Ягонага шляху. Ён лепш ведае тых, якія ідуць простым шляхам.
118 Ежце тое, над чым вымаўлена імя Аллага, калі вы верыце ў Ягоныя знакі.
119 А чаму б вам не есці таго, над чым вымаўлена імя Аллага? Ужо патлумачана вам тое, што для вас забаронена – хіба што вы былі вымушаныя [з’есці] гэта. Сапраўды, многія ўводзяць у аблуду іншых праз свае жаданні, не маючы ведання. Але Госпад твой ведае парушальнікаў.
120 Пазбягайце граху адкрытага і таемнага! Сапраўды, тыя, якія здзейснілі грэх, атрымаюць пакаранне за гэтае.
121 Не ежце таго, над чым не было вымаўлена імя Аллага, бо гэта – грэх. Сапраўды, шатаны падбухторваюць сваіх сяброў, каб тыя спрачаліся з вамі. І калі вы падпарадкуецеся ім, дык абавязкова зробіцеся паганцамі!
122 Хіба той, хто быў нежывы і каго Мы адрадзілі і даравалі святло, з якім ён пайшоў да людзей, падобны на таго, хто знаходзіцца ў цемры і не прымее выйсці адтуль? Так упрыгожваецца для нявернікаў тое, што робяць яны.
123 У кожным паселішчы мы зрабілі самых магутных людзей грэшнікамі, каб яны мудрагелілі. Але яны мудрагеляць толькі супраць саміх сябе, хоць і не ведаюць гэтага.
124 І калі прыходзіць да іх знак, яны кажуць: «Мы ніколі не паверым, пакуль не дадуць нам падобнага на тое, што далі пасланцам Аллага». Але Аллаг ведае лепш, каму даваць Сваё пасланне. Тыя, якія робяць грэх, будуць зняважаныя перад Аллагам, іх напаткае суворае пакаранне за тое, што яны мудрагелілі.
125 Каму Аллаг жадае паказаць просты шлях, таму ён раскрывае грудзі для ісламу, а каго ён жадае збіць са шляху, таму здушвае і сціскае грудзі, нібы той узнімаецца на нябёсы. Так Аллаг насылае пакаранне на нявернікаў.
126 І гэта – просты шлях твайго Госпада. Мы патлумачылі знакі для людзей, якія згадваюць.
127 На іх чакае Мясціна свету каля іхнага Госпада, а Ён – іхны Абаронца за тое, што яны рабілі.
128 У той дзень ён збярэ ўсіх: «о зборышча джынаў! Шмат каго вы збілі са шляху». І скажуць іхныя сябры сярод людзей: «Госпадзе наш! Адны з нас выкарыстоўвалі іншых – і вось, прыйшоў тэрмін наш, які Ты вызначыў нам». Ён скажа: «Ваш прытулак – агонь, у якім вы будзеце павек, калі Аллаг не пажадае інакш». Сапраўды, твой Госпад – Мудры, Усеведаючы.
129 Так мы дазваляем адным прыгнятальнікам мець уладу над іншымі – за тое, што яны набылі.
130 «о зборышча джынаў і людзей! Хіба не прыходзілі да вас пасланцы з вас саміх, якія перадавалі вам мае знакі і папярэджвалі вас пра надыход гэтага дня?» Тыя скажуць: «Мы сведчым супраць саміх сябе». Бліжэйшае жыццё спакусіла іх і яны самі сведчаць супраць сябе, што былі нявернікамі.
131 Гэта так, бо Госпад твой не знішчае паселішчаў за няслушнасць, пакуль ягоныя жыхары знаходзяцца ў недасведчанасці.
132 Кожны мае сваю ступень, якая адпавядае ягоным учынкам. Твой Госпад ведае іхныя справы.
133 Госпад твой – заможны, Уладар літасці. Калі Ён пажадае, дык знішчыць вас і заменіць вас іншымі, як Ён зрабіў вас нашчадкамі іншых людзей.
134 Сапраўды, тое, што абяцана вам, здарыцца. І не адхіліце вы гэтага.
135 Скажы: «о народзе Мой! дзейнічайце, як здолееце, але буду дзейнічаць і я! І борзда даведаецеся, каму належыць апошняя Мясціна. Сапраўды, прыгнятальнікі не мецьмуць поспеху».
136 Яны прызначаюць Аллагу долю таго, што Ён выгадаваў з плёну і худобы, і кажуць: «Гэта – Аллагу, а гэта – нашым боствам». Тое, што прызначана іхным стодам, не трапляе Аллагу, а тое, што прызначана Аллагу, трапляе іхным стодам. Якое дрэннае іхнае разуменне.
137 Так сутаварышы шмат каму з паганаў упрыгожылі забойства ўласных дзяцей, каб знішчыць іх і заблытаць іхную веру. Але калі б Аллаг пажадаў, дык яны б не рабілі гэтага. Таму пакінь іх разам з тым, што яны прыдумляюць.
138 Яны кажуць: «Гэтая худоба і плён забароненыя. Ужываць іх у ежу маюць права толькі тыя, каму мы дазволім» – так яны лічаць. На некаторых жывёлах яны забараняюць ездзіць конна і класці на іх цяжар, а над іншымі не згадваюць імя Аллага, узводзячы на Яго паклёп. Ён адплаціць ім за тое, што яны прыдумлялі.
139 Яны кажуць: «Тое, што ва чэравах гэтых жывёлаў, дазволена нашым мужчынам і забаронена нашым жонкам». А калі яно народзіцца нежывым, дык усе маюць права на гэта. Адплаціць Ён ім за іхныя прыдумкі. Сапраўды, Ён – Мудры, Усеведаючы.
140 Панеслі страты тыя неразумныя, якія, не маючы ведання, забівалі сваіх дзяцей і забаранялі тое, чым надзяляў іх Аллаг, узводзячы на Яго паклёп. Яны заблукалі і не ідуць простым шляхам.
141 Ён – Той, Хто стварыў сады на падпорах і без падпораў, пальмы і плён рознага хлеба, алівы і гранаты, падобныя і не падобныя, ежце гэты плён, калі яны з’явяцца, і аддавайце належнае ў дзень, калі збераце плён, але не марнуйце звыш меры. Сапраўды, Ён не любіць марнатраўцаў.
142 Сярод худобы ёсць прызначаная для перавозак, а ёсць такая, якая не прызначаная для гэтага. Ежце тое, чым надзяліў вас Аллаг, і не ідзіце ўтроп шатана. Сапраўды, ён для вас – сапраўдны вораг.
143 Вось восем пар [худобы] – дзве з авечак, і дзве – з коз. Спытай: «Самцоў ён забараніў альбо самак? Альбо тое, што ў чэравах самак? Распавядзіце мне з веданнем, калі вы кажаце праўду».
144 Яшчэ дзве з вярблюдаў, і яшчэ дзве – з кароў. Спытай: «Самцоў ён забараніў альбо самак? Альбо тое, што ў чэравах самак? Альбо вы былі сведкамі таго, як Аллаг наказаў гэта вам?» Хто ж няслушней за таго, хто ўзводзіць паклёп на Аллага, каб, не маючы ведання, збіць людзей са шляху? Сапраўды, Аллаг не вядзе простым шляхам прыгнятальнікаў.
145 Скажы: «У тым, што адкрыта мне, не знаходжу я нічога забароненага для таго, хто жадае спажываць гэта, апроч мерцвячыны ці крыві, якая выцякае, ці мяса свінні, – бо ўсё гэта не чыстае, – альбо тое, што зрабілася брыдотаю, то бок над чым не было вымаўлена імя Аллага. А калі нехта быў вымушаны з’есці гэта не наўмысна і не парушаючы межаў, дык Аллаг – Прабачаючы, Міласэрны.
146 юдэям мы забаранілі ўсё, што мае нераздвоеныя капыты. Мы забаранілі ім тлушч кароў і авечак, апроч таго, які на спінах, у чэравах альбо змяшаўся з костачкамі. Так Мы адплацілі ім за іхную ганьбу. Сапраўды, Нашыя словы праўдзівыя.
147 Калі яны палічаць цябе за хлуса, скажы: «Ваш Госпад – Уладар вялікае літасці, але не адвярнуць Ягонага пакарання ад грэшных людзей».
148 Скажуць пагане: «Калі б Аллаг пажадаў, дык не дадавалі б Яму сутаварышаў ні мы, ні нашыя бацькі, і нічога б не забаранялі». дакладна так адмаўлялі пасланцоў i тыя, якія жылі перад імі, пакуль не паспрабавалі пакарання! Скажы: «Калі маеце хоць нейкае веданне, дык адкрыйце яго нам. Толькі вы ідзяце за здагадкаю і прыдумляеце».
149 Скажы: «Аллагу належыць пераканаўчы доказ! Калі б Ён пажадаў, дык усіх вас павёў бы простым шляхам».
150 Скажы: «Прывядзіце сваіх сведкаў, якія прымелі б засведчыць, што Аллаг на самой справе забараніў гэта ўсё». ды калі яны і пачнуць сведчыць, дык не сведчы разам з імі. Не патурай тым, якія лічылі за хлусню Нашыя знакі, тым, якія не вераць у наступнае жыццё і дадаюць Госпаду свайму сутаварышаў.
151 Скажы: «Прыходзьце, я прачытаю вам пра тое, што забараніў вам Госпад ваш: нікога не лічыце роўным Яму, як мага лепш стаўцеся да бацькі. Не забівайце сваіх дзяцей, палохаючыся галечы, бо Мы надзяляем і вас, і іх. Не набліжайцеся да агідных учынкаў –відавочных і схаваных. Не забівайце душы, забойства якое Аллаг забараніў, калі не маеце права на тое. Ён наказаў вам гэта – магчыма, вы зразумееце».
152 І не набліжайцеся да маёмасці сіраціны, хіба толькі для ягонага ж дабра, пакуль ён не дасягне сталасці. Напаўняйце меру і вагу слушна. Мы не патрабуем ад чалавека звыш ягоных магчымасцяў. І калі вы нешта кажаце, будзьце слушныя, нават калі гутарка ідзе пра вашых сваякоў. Выконвайце запавет Аллага. Ён наказаў гэта вам – магчыма, задумаецеся вы.
153 Такі Мой просты шлях, дык вось ідзіце па ім, але не ідзіце па іншых дарогах, якія саб’юць вас з Ягонага шляху. Ён наказаў гэта вам – магчыма, вы будзеце збожныя.
154 Мы даравалі Мусе Пісанне як давяршэнне ласкі для тых, якія робяць дабро, як тлумачэнне кожнае рэчы, просты шлях і літасць – магчыма, павераць яны ў сустрэчу з іхным Госпадам.
155 Мы паслалі гэтае Пісанне блаславёным, таму ідзіце за ім і будзьце збожныя – магчыма, злітуюцца над вамі.
156 А таксама для таго, каб вы не казалі: «Пісанне было паслана двум гуртам яшчэ раней за нас, таму мы нічога не ведалі пра ягонае навучанне».
157 Альбо каб вы не казалі: «Калі б нам было паслана Пісанне, дык мы прытрымліваліся б простага шляху лепш за іх». да вас ужо з’явіўся выразны знак ад вашага Госпада, дакладнае кіраўніцтва і літасць. Хто ж няслушней за таго, хто лічыць хлуснёю знакі Аллага і адхінаецца ад іх? Мы аддамо тым, хто адхінаецца ад Нашых знакаў, цяжкімі пакутамі за тое, што яны адхіналіся.
158 Няўжо яны чакаюць чаго- небудзь апроч таго, што да іх прыйдуць анёлы, ці з’явіцца твой Госпад, ці з’явяцца некаторыя са знакаў твайго Госпада? У той дзень, калі з’явяцца некаторыя знакі твайго Госпада, вера не прынясе карысці душы, калі яна не паверыла некалі ці не набыла праз сваю веру дабро. Скажы: «Чакайце, і мы таксама пачакаем».
159 Ты не маеш ніякага дачынення да тых, якія раскалолі сваю веру і падзяліліся на секты. Іхная справа знаходзіцца ў Аллага, і пазней Ён паведаміць ім пра тое, што яны здзяйснялі.
160 Хто з’явіцца з добрым дзеяннем, той атрымае дзесяціразовы зварот. А хто з’явіцца з ліхім дзеяннем, той атрымае толькі адпаведны зварот, і з імі не зробяць няслушна.
161 Скажы: «Сапраўды, мой Госпад накіраваў мяне на просты шлях, на правільную веру, веру Ібрагіма, сапраўднае адзінабожжа. Ён не быў з ліку паганаў».
162 Скажы: «Сапраўды, мая малітва і маё ахвяраванне, маё жыццё і маё скананне прысвечаныя Аллагу, Госпаду светаў,
163 у Якога няма паплечнікаў. Гэта мне загадана, і я з’яўляюся першым з мусульманаў».
164 Скажы: «Хіба я пачну шукаць іншага Госпада апроч Аллага, у той час як Ён з’яўляецца Госпадам усялякае рэчы?» Кожная душа набывае грахі толькі на шкоду самой сабе. Ніводная душа не панясе чужога цяжару. Потым вам трэба будзе паварочацца да вашага Госпада, і ён паведаміць вам пра тое, у чым вы разыходзіліся ў меркаваннях.
165 Ён – Той, Хто зрабіў вас наступнікамі на зямлі і ўзвысіў адных з вас над іншымі па ступенях, каб выпрабаваць вас тым, што ён дараваў вам. Сапраўды, твой Госпад борзды ў пакаранні. Сапраўды, Ён – Прабачаючы, Міласэрны.